РАДЫЕАКТЫ́ЎНАЕ РЭ́ЧЫВА,
хімічнае рэчыва (матэрыял), у саставе якога ёсць радыенукліды. Небяспечныя для чалавека (гл. Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Радыеактыўнае забруджванне).
Паводле радыетаксічнасці ўсе радыенукліды падзяляюць на 4 групы. Група А — асабліва небяспечныя для чалавека радыенукліды цяжкіх элементаў (напр., палоній-210, ізатопы плутонію з масавымі лікамі 238—240, 242, 244), ядры якіх здольныя да спантаннага дзялення ці альфа-распаду, маюць параўнальна вялікія перыяды паўраспаду і могуць назапашвацца ў жыццёва важных органах чалавека. Радыенукліды з высокай (стронцый-90, ёд-131, цэрый-144, радый-224, торый-227, уран-235 і інш.), сярэдняй (натрый-22, фосфар-32, кальцый-45, жалеза-59, кобальт-60, цэзій-137 і інш.) і малой радыетаксічнасцю (вуглярод-14, вадарод-3 і інш.) адносяцца да груп Б, В і Г адпаведна. Работа з Р.р. рэгламентуецца нормамі радыяцыйнай бяспекі.
т. 13, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)